Гэты звычайны незвычайны дзень...
Вельмі дарэчы сёння ўсмешкі, шчырыя словы падзякі, прызнанні… І кампазіцыі з апошніх восеньскіх кветак, што яркімі рознакаляровымі агеньчыкамі размалёўваюць наваколле, - у падарунак! Бо надыходзіць дзень нашых паважаных, мудрых, незабыўных педагогаў - Дзень настаўніка!
Гэты дзень асаблівы ў жыцці кожнага з іх. Для маладых спецыялістаў – першы віншавальны. Для вопытных настаўнікаў – дзень прыемных стасункаў з вучнямі. Але для ўсіх гэта свята ведаў, свята галоўнай у жыцці кожнага прафесіі. Бо нездарма гавораць, што прафесія настаўніка – ад Бога, усе астатнія – ад настаўніка.
У нашай школе гэта не проста цудоўнае свята з віншаваннямі , усмешкамі. Мы, цяперашнія адзінаццацікласнікі, праводзім сапраўдны дзень самакіравання! Сама па сабе гэта работа вельмі цяжкая, адказная. Яна патрабуе поўнай самааддачы, цярпення, увагі і забірае шмат сіл і энергіі. Вось мы і вырашылі сумясціць гэтыя дні, каб у нашых настаўнікаў быў не толькі святочны настрой, але і хвілінка адпачынку.
Дзень самакіравання ў нашай школе адкрыла ўрачыстая лінейка, на якой перадалі паўнамоцтвы, сімвалы ад настаўнікаў вучням. Я вельмі хвалявалася ў тую хвіліну, бо гэта надта адказны момант, які сімвалізуе пераход усёй краіны ў рукі новаму пакаленню. Урокі былі размеркаваны, кожны з нас ведаў свой расклад. Я буду выкладаць беларускую мову і літаратуру ў 6 класе. Я зусім не хвалявалася, бо ведала, што ўсё пройдзе добра! Але рыхтавалася вельмі адказна. Бо гэта так цікава – дзяліцца сваімі ведамі, адчыняць маладому пакаленню дзверы ў дарослае жыццё, пакінуць свой зусім непрыкметны, але след у душы кожнага маленькага хлапчука ці дзяўчынкі. Сапраўды, гэтым трэба ганарыца, бо выхоўваць новае пакаленне – гэта пакідаць нашай радзіме надзейных грамадзян і абаронцаў, забяспечыць ёй багатае жыццё і працвітанне.
Маргаўцова Паліна, вучаніца 11 класа