Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Падарожжа па родным краі

Дата: 3 ноября 2014 в 16:41, Обновлено 5 ноября 2014 в 18:44
Автор: Орлова И. Н.
1 326 просмотров

Самым старажытным горадам Беларусі лічыцца Полацк, заснаваны ў 862 годзе на рацэ Палата крывічамі. Пераадолеўшы стагоддзі, нягоды, войны, ён здолеў захаваць сваю спадчыну, і мы можам называць яго не толькі самым старажытным, але і самым багатым, самым цікавым.
Менавіта таму ў першы дзень восеньскіх канікул наш шлях ляжаў да гэтага непаўторнага кутка Беларусі. І мы з вялікім пачуццём гонару і прадчуваннем нязведанага чакалі сустрэчы з Полацкам.

Час у дарозе праляцеў вельмі хутка і непрыкметна. Знаёмства з горадам пачалося з  велічнага і непаўторнага Сафійскага сабора. Мы даведаліся, што  гэта не першапачатковы яго выгляд, такі ён набыў пасля рэканструкцыі і аднаўлення.  Як толькі ўсе мы зайшлі ў сабор, то  былі здзіўлены яго незвычайнай  і непаўторнай прыгажосцю! Побач з саборам знаходзіцца знакаміты Барысаў камень. Шчыра верачы ў незвычайную яго сілу, кожны з нас загадаў патаемнае жаданне і тры разы абышоў камень. Думаем, усё, што мы загадалі, абавязкова спраўдзіцца!
  Полацк вельмі багаты на помнікі. Іх колькасць нас таксама здзівіла: помнік героям Айчыннай вайны 1812 года, помнік першадрукару Ф. Скарыне, С.Полацкаму, Е. Полацкай, Усяславу Чарадзею. Самы незвычайны помнік – помнік “Ў”, літары, якая ёсць толькі ў нашым беларускім алфавіце! Мы даведаліся, што Полацк – геаграфічны цэнтр Еўропы. Памятны знак "Геаграфiчны цэнтр Еўропы" адкрыўся 31 мая 2008 года на 55-м градусе 30-й мiнуце паўночнай шыраты i 28-м градусе 48-й мiнуце ўсходняй даўгаты.  А яшчэ ў гэтым незвычайным горадзе вялікая колькасць музеяў.

Нам пашчасціла трапіць у музей беларускага кнігадрукавання і прыродна-экалагічны музей. Апошні нас здзівіў сваёй незвычайнасцю, бо быў адкрыты  ў памяшканні былой воданапорнай вежы, пабудаванай у 1953 годзе.  Вышыня будынка  - 32,7 м, дыяметр -  8 м. Экспазіцыйная плошча-300 кв.м, экспануецца больш за 1 000 прадметаў! Раім усім абавязкова яго наведаць! Неабыякавыя экскурсаводы не толькі раскажуць вам пра фаўну Беларусі, але і пакажуць  цікавы фільм, пазнаёмяць  са сваімі маленькімі гадаванцамі, пагутараць на тэму экалогіі і аховы жывёл.
У музеі кнігадрукавання нікога не пакінула абыякавым цікавая скульптура – жанчына, якую аўтар атаясамлівае з роднай мовай. У жанчыны апалена палова цела. Гэтым аўтар звяртае нашу ўвагу на тое, што ў мовы нашай роднай былі вельмі цяжкія часы, калі яе намагаліся знішчыць, забыць. Яна выжыла, выстаяла, і будучае яе зараз залежыць менавіта ад нас!
   Апошнім нашым прыпынкам стаў Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр. Перад наведваннем яго мы вельмі хваляваліся. Бо столькі чулі і гаварылі на ўроках літаратуры пра славутую нашу зямлячку Еўфрасінню! Калі мы стаялі ў Спаса-Праабражэнскім саборы, які  ў 1161 годзе намаганнямі Св. Еўфрасінні быў узведзены  майстарам Іаанам, здавалася, што чулі дыханне таго, хто побач. Такая была незвычайная цішыня, і кожны з нас думаў пра нешта сваё. Але, упэўнена, нехта з нас думаў пра тое, якая ж яна цікавая, багатая, непаўторная і нязведаная, наша Радзіма!
   
 Мы пакідалі Полацк з пачуццём вялікага задавальнення і гонару за сваю гісторыю, свой народ, сваю зямлю. І кожны з нас узяў з сабою часцінку Полацка ў фотаздымках, успамінах і сувенірах…

                                                                                Манвялян Дзіяна, вучаніца 7 “А” класа,

фота аўтара і вучаніцы 7 “А” класа Ганчар Ганны 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.